РАЗВА́ГА І РО́ЗУМ,

суадносныя філасофскія паняцці, якія характарызуюць дыялектыку пазнавальнага працэсу і 2 узроўні мысліцельнай дзейнасці; адна з ключавых праблем дыялектычнай логікі. Вытокі вучэння аб Р. і р. у ант. філасофіі. Дэмакрыт адрозніваў «цёмныя» (неверагодныя) веды ад сапраўдных ведаў; Геракліт — «вучонасць» ад «мудрасці»; Платон падзяляў навакольны свет на бачны і розумаспасцігальны, а веды — на дакладныя і ненадзейныя. У сярэдневякоўі развага разглядалася як інструмент пазнання зямнога, канечнага, а розум як інструмент спасціжэння бясконцага і абсалютнага. Ідэяй трыумфу розуму прасякнута філасофія Адраджэння і Новага часу. Тэарэт. асновы праблем Р. і р. як 2 ступеняў мыслення распрацаваў І.​Кант. Развагу ён прадстаўляў як ніжэйшую ступень, функцыя якой сістэматызацыя і ўпарадкаванне матэрыялу пачуццёвасці; яна абмежавана ў сваіх магчымасцях і не здольная даць безумоўныя веды. Гэтую задачу павінен вырашыць розум як вышэйшая ступень пазнавальнай дзейнасці чалавека. Аднак і розум не ў стане яе выканаць, паколькі ў працэсе адшукання безумоўнага і абсалютнага ён сутыкаецца з невырашальнымі супярэчнасцямі — т.зв. антыноміямі. Г.​Гегель абсалютызаваў розум, прызнаваў за ім здольнасць разгарнуцца ў выглядзе канкрэтна-ўсеагульнага паняцця. Як ключавую праблему дыялектычнай логікі яе распрацоўвалі рас. даследчыкі Э.​В.​Ільянкоў, П.​В.​Капнін, В.​С.​Сцёпін, У.​І.​Шынкарук і інш. Базавым палажэннем з’яўляецца прызнанне 2 узаемазвязаных форм мыслення — разважлівай і разумовай. Розум звязваецца з аперыраваннем паняццямі, абстракцыямі і з даследаваннем існасці самога спасцігаючага мыслення. Ён выступае і як вышэйшая форма тэарэт. асваення рэчаіснасці. Развага таксама аперыруе абстракцыямі, але ў адпаведнасці з зададзенай схемай, яна надае мысленню сістэмнасць, пэўную строгасць.

Літ.:

Природа научного познания. Мн., 1979;

Ильенков Э.В. Диалектическая логика. 2 изд. М., 1984.

Т.​І.​Адула.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)